Польшча адмяняе аплату за нацыянальныя візы для беларусаў

МЗС Польшчы сёння распаўсюдзіў інфармацыю, што пачынаючы з 1 студзеня 2011 года нацыянальныя візы для беларусаў будуць выдавацца бясплатна.

"Гэта праява салідарнасці з беларускай нацыяй, якая падчас выбараў 19 снежня даслала моцны сігнал падтрымкі ўсіх дэмакратычных рухаў. Хочам дапамагчы нашым суседзям умацаваць еўрапейскую самасвядомасць шляхам больш частых кантактаў з палякамі і іншымі грамадзянамі Еўрапейскага саюза", — гаворыцца ў заяве польскага Міністэрства замежных спраў.

Разам з тым, уезд у Польшчу будзе забаронены ўсім асобам, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць беларускага дэмакратычнага руху. МЗС нашай заходняй суседкі пакуль не ўдакладняе, паводле якіх крытэраў будзе складацца такі спіс.